.png)


Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта
Цяпер у дапамогу і відэарэгістратар
СУМЕСНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ дазваляе выяўляць парушальнікаў заканадаўства, тых, хто, узяўшы пазыку, праз колькі тыдняў-месяцаў раптам “забываецца” заплаціць па рахунках дзяржаве, фізічным або юрыдычным асобам.
У апошні па часе выезд судовы выканаўца Аляксандр Крук выправіўся супольна са старшыной міліцыі Сяргеем Манішкам і прапаршчыкам, міліцыянерам-вадзіцелем Аляксандрам Зайцам. Абодва праваахоўнікі ўваходзяць у склад групы затрымання Жабінкаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь.
Вядома ж, сярод парушальнікаў кантынгент часам трапляецца такі, што не абыходзіцца і без спрэчак. І вось сёлета судовыя выканаўцы на практыцы пачалі прымяняць персанальныя відэарэгістратары. Гэта, бясспрэчна, дазволіць выключыць усялякія спрэчныя пытанні пры здзяйсненні такіх выканаўчых дзеянняў, як арышт і вопіс маёмасці альбо высяленне даўжніка з жылой плошчы.
Зусім нядаўна, з лета, персанальнымі відэарэгістратарамі “ўзброіўся” і жабінкаўскі тэрытарыяльны орган прымусовага выканання. Невялічкі і зручны апарат прымацоўваецца да форменай вопраткі. Дэманструючы навінку, Аляксандр Аляксеевіч тлумачыць:
– Перад тым, як увайсці ў кватэру або хату, дзе жыве асоба, што ўзяла пазыку, але не спяшаецца яе вяртаць, папярэджваем: вядзецца відэа- і аўдыазапіс. Тое самае адбываецца і пры візіце грамадзяніна да судовага выканаўцы. Калі людзі ведаюць, што пры размове выкарыстоўваецца камера, паводзяць сябе, як правіла, больш стрымана. Гэта мера карысная і даўно наспелая, паколькі нават у нашай практыцы надараліся выпадкі, калі не зусім адэкватны даўжнік, да таго ж на падпітку, лаяўся на чым свет стаіць ды нават спрабаваў даць волю кулакам.
Запісы захоўваюцца ў камп’ютары судовага выканаўцы і пры неабходнасці могуць быць прылучаны да вытворчасці. Калі ёсць на тое патрэба, азнаёміцца з відэазапісамі бакам дазваляецца ў службовым кабінеце судовага выканаўцы і выключна ў яго прысутнасці. Для гэтага патрабуецца папярэдне напісаць адпаведную заяву.
Нічога гэтага пакуль не прыйшлося рабіць жыхару Залуззя, на падворак да якога завітаў судовы выканаўца сумесна з міліцыянерамі. Усё аказалася надзвычай банальна: гаспадара не аказалася дома. Хоць і слова “гаспадар”, калі зірнуць на разруху, што апанавала ў сялібе, відаць, лепей узяць у двукоссе. Дзверы аказаліся зачыненыя, трошкі прыкрытыя крэслам. Было бачна, што даўжнік, калі і прыходзіць сюды, каб пераначаваць, трапляе ў памяшканне часцей праз акно, а не праз дзверы…
У вёсцы Вадзім Г. вядомы, на жаль, з адмоўнага боку. Па-першае, сябруе з “зялёным змеем”, да таго ж не аднойчы бываў за кратамі. А прыводзіла яго туды ўпартае нежаданне належным чынам выконваць бацькоўскія абавязкі. Паколькі залуззевец зусім не клапоціцца пра сваіх малалетніх дзяцей, не плоціць аліменты на дачку ды сына. Да ягонага парога зноў і зноў будуць вяртацца праваахоўнікі, пакуль гора-бацька нарэшце не ацвярозіць, возьмецца за розум ды вярне грошы.
На здымку: у час рэйду судовы выканаўца Аляксандр КРУК (у цэнтры) з супрацоўнікамі раённага аддзела Дэпартамента аховы наведваюць сядзібу злоснага неплацельшчыка.