Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта
Парадак прадстаўлення нарматыўных прававых актаў для правядзення абавязковай юрыдычнай экспертызы
Нарматыўныя прававыя акты прадстаўляюцца ў галоўныя ўпраўленні юстыцыі абласных выканаўчых камітэтаў для правядзення абавязковай юрыдычнай экспертызы не пазней за тры рабочыя дні з дня, які ідзе следам за днём іх прыняцця.
Датай прадстаўлення нарматыўных прававых актаў для правядзення юрыдычнай экспертызы з'яўляецца дата рэгістрацыі іх паступлення ў галоўныя ўпраўленні юстыцыі абласных выканаўчых камітэтаў.
Нарматыўныя прававыя акты ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства для правядзення абавязковай юрыдычнай экспертызы прадстаўляюцца ў галоўныя ўпраўленні юстыцыі абласных выканаўчых камітэтаў у выглядзе электронных дакументаў або файлаў з тэкстамі гэтых нарматыўных прававых актаў, якія адпавядаюць тэкстам арыгіналаў на папяровых носьбітах, пасведчаных электронным лічбавым подпісам.
У выключных выпадках пры немагчымасці прадстаўлення нарматыўных прававых актаў пры дапамозе выкарыстання сістэмы міжведамаснага электроннага дакументаабароту дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь (далей – СМДА) і аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы, якая забяспечвае фарміраванне Нацыянальнага рэестра прававых актаў Рэспублікі Беларусь (далей – АІС НРПА), па прычынах, якія не залежаць ад дзяржаўных органаў, нарматыўныя прававыя акты прадстаўляюцца ў выглядзе арыгінала (арыгіналаў па колькасці нарматворчых органаў) і двух яго (іх) копій на папяровых носьбітах з адначасовым прадстаўленнем электроннай копіі нарматыўнага прававога акта.